З гэтай нагоды ў выставачную залу ГДУ прыйшлі павіншаваць юбіляра і пазнаёміцца з яго навуковай і творчай спадчынай рэктарат, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый універсітэта, выкладчыкі філалагічнага факультэта, студэнты. Іван Фёдаравіч Штэйнер – доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, загадчык кафедры беларускай літаратуры нашага ўніверсітэта, пісьменнік, драматург – асоба ў сучасным літаратуразнаўстве значная і ўнікальная. Як адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце С.І. Ханеня, унікальнасць юбіляра ў тым, што ў свой час Іван Фёдаравіч змяніў айчыннае літаратуразнаўства, зрабіў яго цікавым і даступным не толькі для спецыялістаў, але і для простых чытачоў. І.Ф. Штэйнер удастоены самай галоўнай узнагароды нашай навучальнай установы – Ганаровай граматы ўніверсітэта, якую ўручыў яму рэктар А.У. Рагачоў. Павіншаваць юбіляра і падзякаваць за шчырае сяброўства і цеснае супрацоўніцтва прыйшлі прадстаўнікі абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна. Бо ён – асаблівы чытач, які не толькі часта наведвае бібліятэку, але і сам як аўтар папаўняе яе фонды навуковай і мастацкай літаратурай. Пад кіраўніцтвам Івана Фёдаравіча вучыліся шмат студэнтаў, якія сталі вядомымі пісьменнікамі, вучонымі, працуюць у выдавецтвах, іншых установах, нават у міністэрствах. Так, на сустрэчы гучаў прывітальны адрас ад Ірыны Шаўляковай – былой студэнткі юбіляра, а зараз начальніка ўпраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фота У. Чысціка | ||||||||||