Наш універсітэт прыняў удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных юбілею горада. 7 верасня ў ГДУ прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай узгадкі горада)”. Даклады прадставілі 34 даследчыкі, якія займаюцца вывучэннем гісторыі нашага рэгіёна. З прывітальным словам на пленарным пасяджэнні выступілі рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны, член-карэспандэнт НАН Беларусі А.У. Рагачоў і намеснік старшыні гарадскога выканаўчага камітэта А.У. Клічкоўская. Алена Уладзіміраўна адзначыла важнасць і каштоўнасць такой сустрэчы і падзякавала выкладчыкам вядучай ВНУ вобласці за грунтоўную падрыхтоўку да канферэнцыі. 8 верасня ў святкаванне ўключылася студэнцкая і навучэнцкая моладзь Гомеля. Каля медыцынскага ўніверсітэта разгарнуўся “Горад ідэй”, дзе наша ВНУ была прадстаўлена на высокім узроўні. Афіцыйныя дэлегацыі, якія ўзначальвалі старшыня аблвыканкама У.А. Дворнік і выконваючы абавязкі старшыні гарвыканкама А.М. Чысцік, пазнаёміліся з дасягненнямі ўніверсітэта ў розных напрамках дзейнасці. Іх прадстаўлялі навуковая даследчая лабараторыя алімпійскіх відаў спорту факультэта фізічнай культуры (разам з нашымі студэнтамі-алімпійцамі), адукацыйная клініка “Жывое права” юрфака, пераможца рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў “100 ідэй для Беларусі” студэнтка фізічнага факультэта Яніна Каляда, студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Флора і расліннасць” біяфака і валанцёрскае аб’яднанне “Сябра дзяцей” гістарычнага факультэта. Святочную канцэртную праграму гасцям і ўдзельнікам “Горада ідэй” дарылі творчыя калектывы і салісты студэнцкага клуба ўніверсітэта. Замежныя студэнты, у тым ліку і з нашай ВНУ, дэманстравалі свае здольнасці ў кулінарыі і творчасці на пляцоўцы па вуліцы Білецкага. Фото В. Чистика | |||||||