Наша вну - на парозе знамянальнай даты: 40-годдзя пераўтварэння Гомельскага педінстытута імя В.П. Чкалава ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт. Гэты юбілей будзе адзначацца ў маі месяцы, і актыўная падрыхтоўка да яго вядзецца ўжо зараз. Што зроблена ў гэтым накірунку і што яшчэ прадстаіць ажыццявіць, каб дастойна адзначыць юбілей - аб гэтым ішла размова на сходзе працоўнага калектыву, які адбыўся 29 студзеня ў актавай зале. З інфармацыяй перад выкладчыкамі і супрацоўнікамі выступіў рэктар А.У. Рагачоў. Пастаўлена задача зрабіць больш прывабным наш універсітэт: выконваецца і яшчэ запланаваны значны аб'ём рамонтных работ у вучэбных карпусах. Праграма ўрачыстасцей будзе ўключаць правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, выставу новых навукова-тэхнічных распрацовак вучоных ГДУ, выдадзенай імі вучэбна-метадычнай і іншай літаратуры. Выйдуць у свет юбілейныя выпускі часопісаў "Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины" і новых выданняў - "Проблемы математики", "Проблемы физики и техники". А галоўнымі мерапрыемствамі стануць святочнае пасяджэнне Савета універсітэта і канцэрт творчых калектываў, салістаў студэнцкага клуба Маладзёжнага комплексу ГДУ.
Гісторыю, як вядома, ствараюць людзі. Іх, душой і сэрцам адданых сваёй роднай вну, ва універсітэце шмат. Па вартасці будзе ацэнена іх самаадданая, крапатлівая праца ў сценах нашай alma-mater: яны атрымаюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды, грашовыя прэміі.
Да ўзнагароджвання прадстаўлены: ордэнам Пашаны - рэктар універсітэта, доктар хімічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь А.У. Рагачоў; медалём "За працоўныя заслугі" - д.ф.-м.н., прафесар кафедры алгебры і геаметрыі А.М. Скіба; Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь - д.ф.-м.н., прафесар кафедры вышэйшай матэматыкі М.В. Селькін, дэкан юрыдычнага факультэта к.г.н., дацэнт І.І. Эсмантовіч; Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь - першы прарэктар, к.ф.-м.н., дацэнт Ю.І. Кулажанка, загадчык кафедры геалогіі і разведкі карысных выкапняў к.г.-м.н., дацэнт А.Ю. Трацэўская, начальнік ІВЦ М.П. Сахно; Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - дэкан факультэта замежных моў, к.п.н., дацэнт Л.С. Баннікава; на прысваенне ганаровага звання "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь" - загадчык кафедры матэматычных праблем кіравання д.т.н., прафесар, Ганаровы прафесар ГДУ І.В. Максімей.