Навіны, факты адыходзячага года

Студэнту 5 курса гістарычнага факультэта спецыяльнасці «Гісторыя айчынная і ўсеагульная» Сяргею Верамееву прысуджана стыпендыя Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Так высока ацэнена яго інтэлектуальная і грамадская дзейнасць (Сяргей узначальвае прафбюро факультэта). Трэба адзначыць, што поспехі юнака ўжо па вартасці адзначаліся і ў мінулым навучальным годзе, калі яму была прысуджана стыпендыя Гомельскага гарвыканкама.

***

У адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Гомеля прайшоў ўрачысты прыём прадстаўнікоў валанцёрскага руху вну, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, школ. Адбылася зацікаўленая размова, абмен думкамі і вопытам работы ў такой высакароднай і важнай справе, як валанцёрства, аказанне людзям бескарыслівай дапамогі і падтрымкі ў складаных для іх жыццёвых сітуацыях. На прыём былі запрошаны і актывісты валанцёрскіх атрадаў, якія створаны ў нашым універсітэце, у прыватнасці, кіраўнік суполкі «Сябар дзяцей» дацэнт кафедры філасофіі Т.П. Гараніна, студэнты гістарычнага, юрыдычнага факультэтаў, факультэта псіхалогіі і давузаўскай падрыхтоўкі. Намеснік кіраўніка адміністрацыі раёна А.А. Гарбачоў уручыў ім падзячныя лісты за добраахвотную, самаадданую работу на карысць людзям.

***

«Відэазабеспячэнне работы куратараў і класных кіраўнікоў вучнёўскіх і студэнцкіх груп па фарміраванні здаровага ладу жыцця і сацыяльна арыентаванага стылю жыцця» – праект пад такой назвай распрацавалі студэнты факультэта псіхалогіі і давузаўскай падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам выкладчык кафедры педагогікі Л.М. Гарадзецкай. У абласным конкурсе на лепшы сацыяльна значны маладзёжны праект ён стаў пераможцам і адзначаны Граматай аддзела па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.