Хутка мы будзем сустракаць любімае ўсімі свята – Новы год. У нашым уяўленні яно заўсёды асацыіруецца з чароўным пахам лясной прыгажуні-ёлкі, белым снегам і абавязкова са спадзяваннямі на ўсё самае лепшае ў годзе наступным – мір на зямлі, эканамічную стабільнасць у краіне, а значыць, і дабрабыт людзей. Разам з тым, у нашай памяці застаюцца і самыя адметныя падзеі года, адыходзячага ў мінулае. Якім ён быў для нашага універсітэта, што назаўсёды ўвойдзе ў яго гісторыю?
Сёлета, як і ў папярэднія гады, працягваўся рост навуковага патэнцыялу універсітэта, актыўна працягвалася работа па далейшым удасканаленні навучальнага працэсу і якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Яшчэ больш шырокай стала геаграфія міжнароднага супрацоўніцтва ГДУ з навучальнымі і навуковымі ўстановамі краін свету.
Адыходзячы год – год ХХІХ Алімпійскіх гульняў у Пекіне, прынёс нашай вну сусветную вядомасць і прызнанне: студэнт 3-га курса факультэта фізічнай культуры Андрэй Краўчанка стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды ў дзесяцібор’і. Юнак змог даказаць, што з’яўляецца адным з мацнейшых спартсменаў Еўропы і на міжнародным лёгкаатлетычным турніры «Зоркі дзесяцібор’я» ў Францыі.
На парозе – 2009 год, які ў летапісу нашай вну павінен стаць асабліва памятным: у маі мы ўрачыста адзначым знамянальную дату – 40-годдзе пераўтварэння Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П.Чкалава ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт. Наш ганаровы і пачэсны абавязак – сустрэць гэты юбілей з высокімі паказчыкамі ў працы, вучобе, навуковай дзейнасці і іншых сферах жыццядзейнасці, каб пацвердзіць высокі статус навучальнай установы Беларускага Палесся.
Жадаем усім поспехаў у працы, вучобе, ажыццяўлення задуманых планаў, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, матэрыяльнай стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Святла вам і спакою ў душы, моцнага здароўя, асабістага шчасця!