НА СТАЛІЧНАЙ СЦЭНЕ - НАША "ДЗЯННІЦА"

Хутка ў рэспубліцы будзе адзначацца 65-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай знамянальнай даты ідзе актыўная падрыхтоўка, а некаторыя тэматычныя мерапрыемствы праводзяцца ўжо зараз. Адно з іх адбылося 31 кастрычніка ў Мінску, у Палацы Рэспублікі, куды на справаздачны канцэрт з'ехаліся шматлікія творчыя калектывы і салісты Гомельскай вобласці.

У сталіцы пабывала і дэлегацыя ад нашага універсітэта на чале з дырэктарам Маладзёжнага комплексу А.В. Лысянковым. У яе ўвайшлі прафсаюзныя лідэры ўсіх факультэтаў, актывісты БРСМ, студэнты, якія вызначыліся ў вучобе, грамадскай рабоце, мастацкай самадзейнасці. Яны сталі сведкамі своеасаблівага форуму мастацтва нашай вобласці. На галоўнай сцэне краіны была дастойна была прадстаўлена творчасць і нашай вну. Гледачы цёпла ўспрынялі выступленне народнай харавой капэлы "Дзянніца".