НАВУКА - НАЦЫЯНАЛЬНЫ РЭСУРС

Гомельшчына вядома сваім інтэлектуальным багаццем, высокім даследчым, вынаходніцкім і навуковым узроўнем. У фарміраванні яе эканомікі сёння ключавая роля адводзіцца навуковым, інжынерным, канструктарскім арганізацыям вну, навукова-даследчых інстытутаў, лабараторый, дзе распрацоўваюцца сучасныя тэхналогіі і новыя матэрыялы, рэалізоўваюцца цікавыя праекты і рашэнні. Актыўную пазіцыю ў каардынацыі навуковай дзейнасці і інавацыйнага развіцця рэгіёна займае і адзіны ў рэспубліцы Гомельскі філіял НАН Б. Аб гэтым ішла размова на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню беларускай навукі, які адбыўся 25 студзеня ў грамадска-культурным цэнтры.

Вучоных, навуковых работнікаў, канструктараў цёпла віталі і павіншавалі з прафесійным святам начальнік Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь А.А. Украінец, намеснік старшыні аблвыканкама Б.К. Пірштук, старшыні абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў В.С. Сяліцкі, У.С. Чарнаштан і інш.

За дасягненні значных вынікаў пры правядзенні навуковых даследаванняў і распрацовак групе вучоных былі ўручаны ўзнагароды. Ёсць сярод іх і прадстаўнікі ГДУ: Ганаровай граматы аблвыканкама ўдастоены першы прарэктар Ю.І. Кулажанка. Дыплом лаурэата прэміі НАН Б атрымаў д.ф.н., прафесар загадчык кафедры беларускай літаратуры І.Ф. Штэйнер, Ганаровую грамату Гомельскага філіяла НАНБ - загадчык кафедры заалогіі і аховы прыроды, д.б.н., прафесар Р.Р. Ганчарэнка, дыплом лаўрэата абласнога конкурсу, які праводзіцца сярод таленавітых маладых вучоных і спецыялістаў - пераможца ў намінацыі "Грамадскія, гуманітарныя і медыцынскія навукі" дацэнт кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін Д. Міхайлаў.

Удзельнікі ўрачыстага сходу з цікавасцю азнаёміліся з выставай навуковай літаратуры вну і навуковых арганізацый горада і вобласці, а святочны настрой ім стварылі выступленні рознажанравых мастацкіх калектываў і выканаўцаў.