15 мая 1993 г. ва ўрачыстай абстаноўцы, на міжнародным узроўні прайшло адкрыццё музея-лабараторыі Францыска Скарыны ГДУ. Да гэтай падзеі універсітэт ішоў пяць з паловай гадоў - з 29 лістапада 1988 года, з таго дня, калі нашай вну пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР было прысвоена імя беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, вучонага і асветніка Францыска Скарыны.
Ініцыятарам і адным з актыўных арганізатараў прысваення імя Ф.Скарыны нашаму універсітэту быў тагачасны загадчык кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Уладзімір Васільевіч Анічэнка. Яго ініцыятыву падтрымаў рэктар універсітэта, член-карэспандэнт АН БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Барыс Васільевіч Бокуць. Актыўны ўдзел у гэтай справе прыняў тагачасны загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома партыі М.М.Воінаў.
На падрыхтоўку да адкрыцця і фарміраванне экспазіцыі пайшло амаль тры гады. Цяпер музей-лабараторыя мае гістарычны, краязнаўчы, навуковы профіль, тут праводзяцца экскурсіі, лекцыі, кансультацыі, навуковыя даследаванні. Колькасць прадстаўленных экспанатаў складае 1200 адзінак. Падчас 861 экскурсіі ў ім пабывала 15000 наведвальнікаў. Сярод іх былі экскурсанты з Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Кітая, Германіі, ЗША, Англіі, Францыі, Італіі, Швецыі і Даніі.
Створаны летапіс музея-лабараторыі: сабраны копіі і арыгіналы дакументаў, фотаздымкі, даведачная і навуковая літаратура, іншыя экспанаты, што асвятляюць шлях музея, пройдзены ім за 15 гадоў.