ПАЗНАВАЛЬНАЯ ЛЕКЦЫЯ

З пачаткам 2008 г. у нашым універсітэце з'явілася новая традыцыя праводзіць лекцыйныя чытанні навукова-папулярнага характару. Гэтая карысная справа была ўдала распачата загадчыкам кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н., прафесарам Іванам Фёдаравічам Штэйнерам.

Ён прапанаваў увазе слухачоў змястоўную і пазнавальную лекцыю на вострую і хвалюючую тэму - "Ці будзе існаваць літаратура ў XXI стагоддзі?".

Мерапрыемства праходзіла 29 студзеня ў канферэнц-зале ГДУ і сабрала даволі вялікую аўдыторыю, у тым ліку кіраўніцтва, загадчыкаў кафедр, выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашай навучальнай установы, а таксама студэнтаў завочнага аддзялення спецыяльнасці "Філалогія". Як адзначыў рэктар А.У. Рагачоў, звяртаючыся да прысутных з уступным словам, для кожнага даследчыка вельмі важна тое, як успрымаюцца яго веды, якую адзнаку атрымліваюць. І такія сустрэчы, што павінны мець узаемаўзбагачаючы характар, неабходныя для таго, каб навукоўцы ГДУ мелі магчымасць прапагандаваць універсітэцкай грамадскасці ўласны вопыт даследчыцкай дзейнасці. Менавіта таму плануемы цыкл лекцый будзе прысвечаны актуальным і важным напрамкам навуковай дзейнасці, якая вядзецца ў нашай вну.

Захапляльнае выступленне І.Ф. Штэйнера адносна будучага літаратуры як неад'емнай складаючай агульначалавечай культуры і гісторыі выклікала вялікую цікавасць яго калег і вучняў.