З нагоды святкавання 130 - годдзя вызвалення Балгарыі ад асманскага іга і ў межах правядзення Дзён Балгарыі ў г. Гомелі прайшла сустрэча кіраўніцтва і студэнтаў ГДУ з балгарскай дэлегацыяй на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь, прафесарам, доктарам філасофскіх и паліталагічных навук Петкам Ганчавым (на здымку).
У канферэнц - зале універсітэта адбылася змястоўная і цікавая размова аб вытоках славянскай цывілізацыі і надзённай неабходнасці ўсебаковага ўзаемадзеяння і інтэграцыі двух роднасных па паходжанні народаў на сучасным этапе іх развіцця. Узнімаючы заслону часу, Петка Ганчаў заўважыў, што Беларусь і Балгарыю звязвае агульнае гістарычнае мінулае. Дзякуючы асветніцкай дзейнасці братоў Кірыла і Мяфодзія, славяне, у тым ліку і ўсходнія, далучыліся да хрысціянства і атрымалі магчымасць карыстацца здабыткамі вялікай Візантыйскай культуры. Пад час руска - турэцкай вайны, якая прынесла балгарскаму народу доўгачаканае вызваленне ад туркаў - асманаў, у складзе дзеючай рускай арміі былі і ўраджэнцы Беларусі - генералы Сталетаў, Гурко і інш.
Відавочна, што пацверджаная часам традыцыя добрых сяброўскіх адносін нашых краін павінна мець свой заканамерны працяг і на сучасным этапе.
"Збліжэнне і ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях - вось прыярытэтны накірунак і праграма далейшага супрацоўніцтва дзвюх рэспублік", - падкрэсліў Петка Ганчаў, падводзячы вынікі сустрэчы.