ВЕДЫ СЛАБЫЯ? ПАДМАЦУЙЦЕ!

Першыя месяцы вучобы ва універсітэце першакурснікаў, іх бягучая паспяховасць сведчаць аб тым, што многія з іх маюць істотныя прабелы па базавых дысцыплінах - матэматыцы, фізіцы, хіміі і інш. А гэта адмоўна можа адбіцца на выніках зімовай сесіі - іх першага "баявога хрышчэння". Каб яно не стала і апошнім, не давялося развітацца са студэнцкім жыццём, неабходна зараз прыкласці максімум намаганняў і веды свае папоўніць.

У гэтым першакурснікам дапамогуць дадатковыя заняткі па вывучэнні асобных дысцыплін на паглыбленым і павышаным узроўні, якія пачалі праводзіцца ў другой дэкадзе лістапада на фізічным, біялагічным і гістарычным факультэтах. Яны працягнуцца да канца бягучага семестра, будуць весціся і на працягу наступнага, да 10 мая.

Справа гэта не абавязковая, а добраахвотная, але многія студэнты, аб'ектыўна ацаніўшы свае веды, прынялі правільнае рашэнне, якое дасць ім рэальны шанс не "заваліць" першыя экзамены.

Заняткі праводзяцца ў групах па 12-15 студэнтаў па зацверджаных праграмах з разліку 4-5 гадзін на тыдзень на платнай аснове. Кошт іх за месяц складае 20 тыс. руб. Гэта дапоўніла пералік відаў платных паслуг, якія аказваюцца выкладчыкамі універсітэта ва ўмовах пазабюджэтнай дзейнасці.