СТВАРАЕЦЦА НОВАЯ МУЗЕЙНАЯ ЭКСПАЗІЦЫЯ

Ва універсітэце арганізавана рабочая група па стварэнні экспазіцыі гісторыі развіцця ўстановы адукацыі "Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны". Члены групы звяртаюцца да ветэранаў вну, вучоных, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з просьбай перадаваць у музей-лабараторыю Ф.Скарыны ўяўляючыя музейную каштоўнасць арыгіналы ці копіі любых рэчаў, дакументаў, узнагарод, фотаздымкаў, кніг, твораў мастацтва, падарункаў, асабістых рэчаў ранейшых і цяперашніх супрацоўнікаў універсітэта, іх успаміны, відэа- і магнітафонныя запісы. Гэта неабходна для стварэння экспазіцыі пра мінулае і сучаснасць нашай навучальнай устновы.

Просьба да дэканаў і кіраўнікоў іншых буйных падраздзяленняў універсітэта стварыць свае рабочыя групы па зборы экспанатаў, якія расказваюць пра ўзнікненне і развіццё адпаведнага падраздзялення, важныя і гістарычна значныя падзеі, пра найбольш знакамітых выкладчыкаў, супрацоўнікаў, выпускнікоў і студэнтаў. Неабходна ўключыць у гэтыя групы ветэранаў, цяперашніх старэйшых выкладчыкаў і супрацоўнікаў адпаведных падраздзяленняў, для актывізацыі работы распрацаваць планы дзейнасці рабочых груп, разлічаныя на сёлетні навучальны год. Кожны пункт плана павінен мець адказнага за яго выкананне і канчатковы тэрмін выканання.

Заклікаем усіх аднесціся да гэтай выключна важнай справы з поўнай адказнасцю, праявіць вялікую зацікаўленасць і працавітасць, каб створаная экспазіцыя універсітэта - самай буйной і высокай па рангу навучальнай установы Беларускага Палесся - стала сапраўдным гонарам нашай alma mater.