Канферэнцыі

Ушанаванню памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна прысвячалася Міжнародная навуковая канферэнцыя "Нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратурах славянскіх народаў", якая адбылася 19-20 верасня. Яе арганізатарамі выступілі Гомельскі аблвыканкам, Гомельскі абласны Савет дэпутатаў і кафедра беларускай літаратуры нашага універсітэта на чале з яе загадчыкам д.ф.н., прафесарам, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі І.Ф. Штэйнерам.

Работу канферэнцыі распачало пленарнае пасяджэнне, якое прайшло ў канферэнц-зале гасцініцы "Кастрычніцкая". Акрамя непасрэдных удзельнікаў мерапрыемства, на ім прысутнічалі студэнты ГДУ, а таксама шматлікія госці з розных куткоў Беларусі і блізкіга замежжа.

Пленарнае пасяджэнне прывітальным словам адкрыў старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў В.С. Сяліцкі. Ён выказаў падзяку ўсім тым, хто шануе і аберагае памяць народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, развівае культурную і духоўную спадчыну нашай Радзімы. Тэма захавання нацыянальных багаццяў гучала і ў выступленнях прарэктара па навуковай рабоце ГДУ А.М. Дземідзенкі, д.ф.н., прафесара, загадчыка кафедры славянскіх літаратур БДУ І.А. Чароты, даследчыка з Чарнагорыі Слабадана Вуканавіча, маладога навукоўца з Украіны А.Б. Палішчук. Пра агульначалавечыя скарбы славянскіх народаў разважаў ганаровы госць канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Срэчка Джукіч.

Вялікую каштоўнасць для ўсіх прысутных уявілі яскравыя і жывыя ўспаміны пра Івана Шамякіна. Імі шчодра дзяліліся ўдзельнікі канферэнцыі, якім пашчасціла быць асабіста знаёмымі з пісьменнікам. Непамерная любоў і павага да яго гучалі ў "Слове пра бацьку" дачкі мастака прозы д.ф.н., прафесара, загадчыка кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Т.І. Шамякінай, якая многа гаварыла пра вытокі яго духоўнай біяграфіі, значэнне вёскі ў яго жыцці і творчасці. Пра цікавыя і запамінальныя моманты сваіх сустрэч з таленавітым і шчырым пісьменнікам расказаў прысутным д.ф.-м.н., прафесар ГДУ Л.А. Шамяткоў. Шмат добрых слоў у адрас творцы выказаў навукоўца з Мінска В.П. Рагойша, які ўспамінаў І. Шамякіна не толькі як выдатнага пісьменніка, але найперш як чалавека высокай маральнай годнасці, вернага сябра, актыўнага арганізатара літаратурнага працэсу, нястомнага грамадскага дзеяча, які пакінуў нашчадкам багатую духоўную спадчыну.

Пра незлічоныя каштоўнасці славянскай нацыі, агульначалавечыя скарбы яе літаратуры і культуры разважалі больш за 80 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы падчас працы трох секцый канферэнцыі "Спадчына Івана Шамякіна і сучасны літаратурны працэс", Нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры", "Перспектывы літаратуры класічнага тыпу ў эпоху глабалізацыі", якія прайшлі на базе Славянскай бібліятэкі.

Насычаная праграма канферэнцыі дазволіла яе удзельнікам і гасцям таксама прыняць ўдзел у цікавай культурнай праграме: здзейсніць запамінальныя экскурсіі ў Веткаўскі музей народнай творчасці і на радзіму народнага пісьменніка Беларусі І. Шамякіна.

- Мне вельмі прыемна, што памяць пра майго бацьку не знішчае час, што ў яго гонар праводзяцца такія маштабныя, значныя мерапрыемствы, куды едуць даследчыкі з розных краін свету, - прызналася дачка пісьменніка Т.І. Шамякіна. - Думаю, што менавіта такім чынам можна здзейсніць прарыў у даследаванні яго творчасці.