У выставачнай зале ГДУ 24-30 красавіка праходзіла экспазіцыя навуковых, творчых і дэкаратыўна-прыкладных работ студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў філалагічнага факультэта, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Кожная кафедра прадставіла на ёй свой стэнд. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягнулі змястоўныя і з густам аформленыя экспанаты кафедры рускай і сусветнай літаратуры
Вялікую цікавасць выклікалі і старонкі маляўнічых альбомаў з летапісу факультэта ў друку, дзе адлюстраваны найбольш важныя падзеі студэнцкага грамадска-культурнага жыцця. А яно ў філолагаў даволі яркае і насычанае: літаратурна-краязнаўчыя экскурсіі, культпаходы ў тэатры і музеі, Дні факультэта, вечары паэзіі, "прэсінгі" і шмат іншых мерапрыемстваў, якія надоўга застануцца ў памяці выпускнікоў.
Вядома, што філолагі - народ творчы, многія студэнты пішуць вершы, эсэ, замалёўкі, нават маюць асабістыя зборнікі твораў, а таксама змяшчаюць іх у калектыўных альманахах. Гэтыя творчыя набыткі таксама знайшлі сваё пачэснае месца ў экспазіцыі.
Пакладзена добрая традыцыя, якая, трэба спадзявацца, будзе працягнута і падтрымана яшчэ не адным пакаленнем студэнтаў-філолагаў.