У мінулым годзе споўнілася 45 гадоў Фонду Міру. За гэты час, дзякуючы паслядоўнай высакароднай дзейнасці, скіраванай на ўмацаванне міру, сяброўства, даверу і ўзаемапаразумення паміж народамі свету, Гомельскае аддзяленне Беларускага Фонду Міру стала ініцыятарам правядзення шматлікіх міжнародных, абласных, гарадскіх і раённых гуманістычных акцый. Акрамя таго арганізацыя толькі за апошні год матэрыяльна дапамагла 320 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам. Дзякуючы Фонду Міру, было набыта неабходнае абсталяванне для дзіцячых садкоў, школ, бальніц, дамоў-інтэрнатаў нашага рэгіёна.
2007 год аб'яўлены Годам міру, а ў нашай краіне - і Годам дзіцяці. Таму беларускі Фонд Міру плануе арганізаваць і правесці мноства дабрачынных, выхаваўчых мерапрыемстваў і акцый. Для гэтага неабходныя і значныя фінансавыя сродкі.
Напярэдадні светлага свята - Дня Перамогі - ГА "БРСМ" ГДУ заклікае ўсіх студэнтаў прыняць удзел ў дабрачыннай акцыі па мэтавым зборы сродкаў у Фонд Міру для людзей, якім мы бязмежна ўдзячныя за нашу свабоду і незалежнасць.