28 лютага ў актавай зале адбылася цікавая сустрэча студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта з парламентарыямі і прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі ўлады: старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.М.Канаплёвым, старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А.С.Якабсонам, памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - галоўным інспектарам па Гомельскай вобласці В.У.Шчацько, старшынёй Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта А.А.Бяляевым, кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна І.А.Барадзінчыкам, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ю.Л.Астапчанкам, Л.В.Глухоўскім, А.А.Шаўко, выпускнікамі нашага універсітэта А.В.Шацько, Л.Ф.Кузняцовай, І.І.Талкачовым.
Напярэдадні мерапрыемства ўсе прысутныя атрымалі добрую магчымасць пазнаёміцца з выставай навуковай літаратуры прафесарска-выкладчыцкага складу ГДУ, з высокімі дасягненнямі нашай вну, якія былі адлюстраваны на шматлікіх фотастэндах.
Сваім выступленнем сустрэчу адкрыў старшыня Гомельскага аблвыканкама А.С.Якабсон. Ён асвятліў асноўныя пытанні развіцця Гомельскай вобласці ў сферах палітыкі, эканомікі, культуры, адукацыі і інш. Аляксандр Серафімавіч падвёў вынікі жыццядзейнасці вобласці за апошнія гады, падкрэсліў яе значныя дасягненні. Адзначаны планамерны рост прамысловай вытворчасці, павелічэнне аб'ёмаў экспарту прадукцыі, скарачэнне колькасці стратных прадпрыемстваў, рост заработнай платы працоўных і служачых, студэнцкіх стыпендый. Вялікі плён прыносіць і дзяржаўная праграма па адраджэнню сяла. Акрамя таго, Гомельская вобласць мае значныя поспехі ў навуковай дзейнасці і займае другое месца ў рэспубліцы па навукова-даследчаму патэнцыялу.
Мерапрыемства было арганізавана такім чынам, каб ганаровыя госці атрымалі магчымасць выступіць і адказаць на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. Асаблівую ўвагу ў прысутных выклікала выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.М.Канаплёва. Яму была адрасавана вялікая колькасць пытанняў, але, на жаль, даць грунтоўны адказ на кожнае з іх не дазволіў час.
Мерапрыемства завяршылася святочным канцэртам, у час якога сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі творчыя калектывы г.Гомеля.