11 снежня на гістарычным факультэце ГДУ адбыліся навуковыя чытанні, прысвечаныя 70-годдзю былога дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі Л.М. Гараніна, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця. У чытаннях прынялі ўдзел вучні і калегі Льва Мікалаевіча - Г.С. Еўдакіменка, А.А. Рубан, У.М. Калмыкоў, М.М. Мязга, Г.А. Аляксейчанка, А.М. Бабкоў, А.Л. Айзенштадт, А.А. Макушнікаў, Р.Р. Лазько. Ушанавала памяць юбіляра і спадарожніца яго жыцця дацэнт кафедры філасофіі Т.П. Гараніна.
Напомнім, што муж і жонка Гараніны прыйшлі на працу ў ГДУ ў 1973 г. на этапе яго пераўтварэння са звычайнай педагагічнай вну ў класічны універсітэт. Аддаўшы універсітэту звыш 25 гадоў свайго жыцця, Л.М. Гаранін, як спецыяліст высокай кваліфікацыі, унёс вялікі ўклад у вырашэнне гэтай задачы на гістарычным факультэце. Ён быў добра падрыхтаваным гісторыкам-марксістам, дасканала валодаў як метадалогіяй гістарычнага аналізу, так і канкрэтным гістарычным матэрыялам. Таму дыскусіі калег з ім садзейнічалі творчаму развіццю кафедры і факультэта ў цэлым. Яны засведчылі, што і сам Леў Мікалаевіч да канца сваіх дзён захаваў здольнасць да творчага прафесійнага росту. Гэту ідэю падхапіў і развіў у сваім выступленні яго былы дыпломнік дацэнт А.М. Бабкоў. Ён адзначыў, што, ужо будучы цяжка хворым, у бальнічнай палаце Леў Мікалаевіч перачытваў добра вядомыя яму мемуары Бісмарка і выказваў пры гэтым новыя, свежыя ацэнкі той эпохі. Дацэнт Г.А. Аляксейчанка падкрэсліў вялікую ролю Л.М. Гараніна ў выхаванні маладых выкладчыкаў факультэта. Усе выступоўцы знайшлі цёплыя словы ў адрас свайго выдатнага калегі, якога сёння, на вялікі жаль, няма побач з намі, адзначылі яго вялікі ўклад у развіццё гістарычнага факультэта і гістарычнай адукацыі ў рэгіёне.
У чытаннях прынялі ўдзел і студэнты гістарычнага факультэта. Для іх тыя падзеі, аб якіх ішла гаворка падчас канферэнцыі, - гэта ўжо гісторыя. Калегі Л.М. Гараніна прадставілі гэту гісторыю ў чалавечым вымярэнні, дазволілі лепш зразумець яе "перадатачны механізм" - ад пакалення ў пакаленне, ад дня ўчарашняга ў будучыню.