Канферэнцыі

З імем выдатнага беларускага фізіка, акадэміка АН БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Б.В. Бокуця звязаны шаснаццаць гадоў жыццядзейнасці нашага універсітэта. З 1973 па 1989 гады ён з'яўляўся яго рэктарам, і гэта быў перыяд інтэнсіўнага развіцця ГДУ. І той высокі аўтарытэт, які мае цяпер у рэспубліцы і за яе межамі вядучая вну Беларускага Палесся, у пэўнай ступені вынік плённай і мэтанакіраванай дзейнасці Барыса Васільевіча. На жаль, яго ўжо няма сярод нас, але ён жыве ў справах, якія працягваюць яго паслядоўнікі, калегі, вучні. Сведчанне ўдзячнай памяці пра гэтага выдатнага чалавека - мемарыяльная дошка з барэльефам Б.В. Бокуця, устаноўленная на корпусе фізічнага факультэта. Менавіта да яе прыйшлі ўскласці жывыя кветкі ўдзельнікі II міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіла напачатку лістапада ў сценах нашага універсітэта і прысвячалася 80-годдзю з дня нараджэння Б.В. Бокуця.

Вучоныя-фізікі Беларусі, блізкага і далёкага замежжа сабраліся ў Гомелі, каб абмеркаваць адзін з актуальных напрамкаў сучаснай фізікі - узаемадзеянне выпраменьвання з рэчывам, абмяняцца думкамі, меркаваннямі ў час секцыйных пасяджэнняў, дыскусій у кулуарах, што садзейнічала нараджэнню новых цікавых навуковых ідэй.

На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі канферэнцыі заслухалі цікавыя даклады "Роля Б.В. Бокуця ў станаўленні і развіцці ГДУ імя Ф. Скарыны" і "Уклад Б.В. Бокуця ў развіццё крышталеоптыкі", з якімі выступілі члены-карэспандэнты НАН Беларусі Л.А. Шамяткоў і А.М. Сердзюкоў. Сапраўдны кіраўнік, якому былі ўласцівы высокая кампетэнтнасць і адказнасць, творчыя адносіны да любой справы, вучоны - стваральнік новага навуковага накірунку ў нелінейнай оптыцы, аўтар многіх вынаходніцтваў, за якія быў удастоены Дзяржаўнай прэміі, арганізатар навуковых школ. Такім Б.В. Бокуць застанецца ў памяці яго калег, шматлікіх вучняў (практычна ўсе сталі дактарамі навук), якія прыехалі на юбілейную канферэнцыю.

На пленарным пасяджэнні з навуковымі дакладамі таксама выступілі акадэмік НАН Беларусі У.А. Арловіч, рэктар ГДУ д.х.н., прафесар А.У. Рагачоў.

Канферэнцыя працягвала сваю работу ў трох секцыях: "Оптыка і акустыка крышталяў", "Тэорыя электрамагнітнага ўзаемадзеяння" і "Новыя матэрыялы і тэхналогіі".

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 80-ці вучоных з розных краін свету - Украіны, Кыргызстана, Фінляндыі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Ірландыі.

***

"Сучасная адукацыя: пераемнасць і бесперапыннасць адукацыйнай сістэмы "Школа - вну" - такой тэме прысвячалася традыцыйная міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая праведзена ў нашым універсітэце. На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады прарэктара па вучэбнай рабоце ГДУ д.ф.-м.н., прафесара І.В. Семчанкі, нам. начальніка Упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Л.У. Кацегавай, загадчыка кафедры педагогікі д.п.н. Ф.У. Кадола, заг. кафедры агульнай фізікі к.т.н., дацэнта Я.Б. Шаршнёва, заг. аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама С.Н. Бадзюлі. У іх уздымаліся пытанні аб сістэме падрыхтоўкі абітурыентаў да ўступных экзаменаў, прааналізавана работа па павышэнню якасці навучання школьнікаў Гомельшчыны, аптымізацыі навуковых даследаванняў па педагагічнай тэматыцы. Ішла таксама размова аб стане і перспектывах спецыяльнасці "Фізіка. Тэхнічная творчасць" і навукова-тэхнічнай творчасці ў школе, вопыце ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі Рэчыцкага раёна з нашым універсітэтам.

Работа канферэнцыі працягвалася ў 10 секцыях, дзе вучоныя, выкладчыкі, настаўнікі вну і школ горада, вобласці і рэспублікі, Украіны, Расіі абмяркоўвалі псіхолага-педагагічныя праблемы кіравання, выкладання і прафарыентацыі, выхаваўчай работы ў школе і вну, іншыя актуальныя пытанні сучаснай адукацыі.

***

110-й гадавіне з дня нараджэння выдатнага вучонага-псіхолага была прысвечана III міжнародная навуковая канферэнцыя "Л.С. Выгоцкі і сучасная культурна-гістарычная псіхалогія". Яе арганізавалі кафедра псіхалогіі нашага універсітэта і Гомельскі педагагічны каледж, які носіць імя нашага славутага земляка.

Беларусь, Расію, Украіну, Германію прадстаўлялі на канферэнцыі больш 70 навукоўцаў.

У выніку прынята рашэнне хадайнічаць перад уладамі г. Гомеля аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі Л.С. Выгоцкаму, прысваенні яго імя адной з вуліц абласнога цэнтра, з якім былі цесна звязаны жыццё і дзейнасць вучонага.